Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці

Маштабная рэканструкцыя мемарыяла Азарыцкага лагера смерці пачалася вясной 2023 года. Для рэалізацыі праекта па пастанове ўрада была пералічана палова сродкаў ад рэспубліканскага суботніка. У выніку рэканструкцыі тэрыторыя памятнага комплексу пашырана да 1,75 га, узведзены інфармацыйны павільён, з'явіліся знакавыя лакацыі, кожная з якіх адлюстроўвае падзеі сакавіка 1944 года. У цэнтры мемарыяла ўстаноўлены «Камяні прасвятлення». Гэта чатыры стэлы з архіўнымі фотаздымкамі вязняў, зробленыя падчас вызвалення лагера. А паміж імі — трохкутнай формы пліта з чорнага мармуру, на якую нанесеныя словы ураджэнкі гэтых месцаў паэткі Соф'і Шах:

«Дасюль яшчэ хварэе тут балота, пакутуе яго ўся глыбіня, у кожным дрэве — памяць вечным гнётам, яна не ў кронах, а — у каранях. Тут — што ні цень — то дрогні прывід нейчы імкне пра скрухі-здзекі нагадаць, тут што ні знак — то боль нечалавечы і жах такі, што лепей памаўчаць».

Ля самага балота, на месцы былога паклоннага крыжа, знаходзіцца цяпер Вежа памяці. Унутры гэтага васьмікутнага збудавання выгравіраваны ўспаміны былых вязняў. Праз вежу выхад да сцяны смутку з паклоннымі крыжамі і на назіральную пляцоўку ля краю таго самага балота, якое стала брацкай магілай для тысяч бязвінных ахвяр генацыду.

У абноўленым мемарыяле таксама ўстаноўлены першыя ў Беларусі памятны знак у гонар ваенных медыкаў, якія ўступілі ў барацьбу і не дапусцілі распаўсюджвання эпідэміі тыфу сярод байцоў Чырвонай Арміі і мясцовага насельніцтва.

9 снежня 2024 года пасля маштабнай рэканструкцыі ў Азарычах быў адкрыты абноўлены мемарыяльны комплекс памяці ахвяр фашызму. Менавіта ў гэты дзень споўнілася 75 гадоў Канвенцыі ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, прынятай 9 снежня 1948 года. З таго часу адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду.

На сённяшні дзень мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» аднесены да 3 катэгорыі каштоўнасцей.

Штогод 19 сакавіка, у дзень вызвалення канцлагера «Азарычы», на мемарыяльным комплексе праходзяць памятныя жалобныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць былыя вязні, іх блізкія і сваякі.